Telegram Web Link
Спадабалася тэставанка? Ці ўсіх лясных галубоў пазнаў_ла? ☺️
Арнітолагі паведамілі, што ў Беларусі пачалася восеньская міграцыя птушак! 🕊️

Ці ведаеш ты, што з васьмі глабальных шляхоў міграцыі птушак праз нашу краіну праходзяць два?

🌍 Усходне-Атлантычны – гэтым шляхам ляцяць птушкі з Грэнландыі і еўрапейскіх тундраў, Заходняй Еўропы і часткова Беларусі. Паводле сучасных ацэнак, ім штогод пралятае каля 90 мільёнаў птушак. Яны зімуюць у Заходняй Еўропе і на узбярэжжы Заходняй Афрыцы – бакас (бекас), вялікі кулён (большой кроншнеп), чырвонаваллёвік (краснозобик), вялікі кіркун (чернозобик), вялікі грыцук (большой веретенник).

🌍 Чарнаморска-Міжземнаморскі – яго выкарыстоўваюць, напрыклад, нашыя вясковыя ластаўкі і белыя буслы, якія зімуюць у Паўднёвай і Усходняй Афрыцы.

#міграцыяптушак #EastAtlanticFlyway #EAF #flyways
Сёння ёсць – заўтра няма: каб так не атрымалася з каштоўнымі куточкамі і абшарамі дзікай прыроды, якімі пакуль багатая Беларусь, іх трэба своечасова аддаваць пад ахову.

🔎 А для гэтага іх трэба выявіць – а гэта вялікая праца. Нашы спецыялісты пешкі праходзяць за дзень дзясяткі кіламетраў па гушчарах, пераходзяць уброд глыбокія лясныя канавы, сплачваюць камарам, кляшчам і сляпням даніну. І пільна прыглядваюцца навокал, каб не прапусціць рэдкі від ці біятоп.

🤲 У гэтым годзе ўжо знайшлі 560 месцаў з рэдкімі відамі, а таксама рэдкіх і тыповых біятопаў! Усё гэта будзе перадавацца пад ахову.

Па–першае, гэта будуць спецыяльныя ахоўныя ўчасткі з пэўнымі забаронамі на іх – напрыклад, на высечку дрэў. А для некаторых тэрыторый нашы знаходкі, спадзяемся, дазволяць пашырыць межы асабліва ахоўных тэрыторый або ў  мясцовых заказнікаў павысіць статус да рэспубліканскага.

🙌 Падтрымай гэтую добрую справу – далучайся да “Дзікага клуба”: увесь наш прыбытак ідзе на ахову дзікай прыроды Беларусі. ❤️

👉 https://birdingbelarus.by/dikiyklub/

📷 На фота чорны бусел, аўтар – Кацярына Хведанцэвіч, Драгічынскі раён.

#ДзікіяЭкспедыцыі
🌍🦅 Птушкі не ведаюць палітычных межаў. Іх пралётныя шляхі могуць праходзіць праз мноства краін. 

Пералётныя птушкі – найбольш уразлівая група птушак. Для выжывання гэтых падарожнікаў вельмі важныя сумесныя дзеянні краін, праз якія праходзяць шляхі міграцыі.

Краіны могуць ўплываць на стан папуляцый пералётных птушак, якія гняздуюць далёка па-за іх межамі. 

☝️ Калі нашы птушкі не змогуць знайсці патрэбныя месцы для кармлення, адпачынку ці зімоўкі падчас міграцыі, то мы ў Беларусі можам не дачакацца іх на гнездаванне - і наадварот.

У Беларусі ахоўваюцца куткі дзікай прыроды, якія жыццёва патрэбныя водна-балотным пералётным птушкам менавіта падчас міграцыі:

🌿 Заказнік "Тураўскі луг"
🌿 Заказнік "Сярэдняя Прыпяць"
🌿 Заказнік "Ельня"
🌿 Нацыянальны парк "Прыпяцкі"
🌿 Нацыянальны парк “Браслаўскія азёры”.

А яшчэ пералётным птушкам пагражаюць змены клімату, атручванне, сутыкненне з лініямі электраперадачы і браканьерства. Від можа знікнуць, калі ў адной краіне птушак будуць ахоўваць, а ў іншай нішчыць. 

📷 Фота: вялікі кіркун (чернозобик), чырвонаваллёвік (краснозобик), Cezary Korkosz.

#міграцыяптушак #EastAtlanticFlyway #EAF #flyways
👋 Падборка самага цікавага за чэрвень ад барсука Яся! Правярайце, хто што прапусціў. 🦡

Важныя памяткі: як дапамагчы параненай птушцы, свіргулю, які ўпаў, птушаняці-подлетку, сакаляняці

😱 Кліматычныя шок-навіны пра засушлівы травень і чэрвень

🦅 Прыгоды белагаловага сіпа ў Беларусі

🐦 Тэставанка: ці пазнаеш, чые птушаняты?

🕊️ Тэставанка па галасах лясных галубоў

А па хэштэгу #дзікіфакт знойдзеш цікавосткі пра птушак, звяроў і дзікую прыроду. 🤗
😯 Прырода не перастае здзіўляць! Незвычайныя пары склаліся сёлета ў буслоў.

🐦 У Германіі раней памечаны самец белага бусла Генрых утварыў сям’ю з самкай чорнага бусла Ісідай. У траўні вылупіліся незвычайныя птушаняты: белыя з шэрай галавой.

🐦 Другая пара з самца чорнага бусла і самкі белага была адзначана ў Чэхіі. Пасля некалькіх капуляцый чорнага бусла прагнаў самец белага бусла. Але самка яйкі ўсё ж такі адклала.

Цікава будзе даведацца аб выніках гэтага гнездавога сезона! 🙂

Змешанае гнездаванне чорных і белых буслоў – вельмі рэдкая з’ява. Звычайна такое здараецца ў заапарках, калі няма выбару партнёра. У прыродзе чорныя і белыя буслы рэдка перасякаюцца: белыя трымаюцца бліжэй да чалавека, а чорныя аддаюць перавагу лясам і вядуць скрытны лад жыцця.

📷 Фота: birdlife_cz, Jan Ipri; az-online_de.
🤗 Заўсёды хацелася даведацца, куды ж далей ляцяць зімаваць нашыя беларускія птушкі, якія гнездавалі ў нас улетку?

🙋‍♀️ У нас ёсць адказ!
Арнітолаг Павел Пінчук з Тураўскай станцыі кальцавання птушак падрыхтаваў для нас карту – на ёй ты бачыш “звароты” куліка-случка (травника). Гэта значыць, што кулік-случок, які гнездаваў на Палессі, паляцеў на поўдзень, і там хтосьці заўважыў птушку і яго нумар на кольцы.

⚪️ Белыя кропкі – гэта птушкі са стандартным нумарным металічным кольцам (часцей за ўсё адстрэленыя).
🟡 Жоўтыя кропкі – птушкі, пазначаныя каляровымі кольцамі з нумарным сцягам, які лягчэй прачытаць.

За ўсе 24 гады існавання Тураўскай станцыі кальцавання было акальцавана больш за 6,5 тысячы кулікоў-случкоў! 👏

🌍 І дзякуючы кальцаванню мы цяпер ведаем, куды праз Палессе выпраўляюцца кулікі-случкі на зімоўку. Яны ляцяць на поўдзень Чарнаморска-Міжземнаморскім шляхам міграцыі - на ўзбярэжжы Грэцыі, Ізраіля, Італіі, Румыніі, Украіны і іншых краін.

Але кулікі-случкі, якія гняздуюцца на поўначы Беларусі, карыстаюцца Усходне-Атлантычным шляхам міграцыі і ляцяць у краіны Заходняй Еўропы і Заходняй Афрыкі. Каб даведацца, у якіх канктэтных месцах яны зімуюць, іх трэба кальцаваць на поўначы Беларусі.😉

📷 Фота беларускага куліка-случка пашчасціла зрабіць Anastasios Karayiannakis у Грэцыі.

#міграцыяптушак #EastAtlanticFlyway #EAF #flyways
🦇 Зараз - час нараджэння кажанят. Самкі кажаноў збіраюцца калоніямі, дзе бывае шумна.

Не хвалюйся і не турбуй кажаноў! Калонія – гэта невялікі радзільны дом, і ад кажаноў няма ніякай пагрозы.

☝️ Памятай: кажанам пагражае знікненне. 8 відаў кажаноў уключана ў Чырвоную кнігу Беларусі. Пры гэтым на аднаўленне папуляцый многіх відаў патрэбныя дзесяцігоддзі: самкі рукакрылых могуць нарадзіць толькі 1-2 кажанятак у год.

Здараецца, што кажаняты выпадаюць са сховішчаў у калоніі, і могуць загінуць. 😔 Калі табе здарыцца знайсці кажаня, паспрабуй вярнуць яго матулі. Вось памятка, як гэта зрабіць:
https://wildlifebelarus.org/news/705164.html

📲 А калі ўз'яднаць сям’ю не атрымалася, звані ў мінскі цэнтр рэабілітацыі рукакрылых “Кажанаполіс” хіраптэролагу Аляксею Шпаку +375 29 213 92 57 (МТС, Viber).

📷 Фота: Украінскі цэнтр рэабілітацыі рукакрылых.
Тураўскае балонне – край кулікоў! 🌱💧

💙 Уяві сабе вялізны рачны востраў (яго плошча дасягае 140 гектараў!), які ўвесну залівае прыпяцкая вада, раздрабняючы яго на сетку астраўкоў, абароненых вадой ад наземных драпежнікаў. З усіх бакоў, акрамя паўднёвага, яго атачае адзін з найвялікшых рэспубліканскіх заказнікаў Беларусі – “Сярэдняя Прыпяць”.

У заказніку “Тураўскі луг” падчас веснавой міграцыі могуць спыняцца сотні тысяч кулікоў і качак, каб адпачыць падчас доўгага пералёту на шляху ў расійскую тундру.

Напрыклад, у асобныя гады на гэтым поплаве можна налічыць каля 100 тысяч баталёнаў (турухтанов) за дзень! 

🌱 Гэты ўчастак поймы Прыпяці вельмі важны і для іншых кулікоў, якія мігруюць Усходне-Атлантычным шляхам міграцыі – кнігаўкі (чибиса), вялікага кіркуна (чернозобика), вялікага зуйка (галстучника).

🕊️🐦 Менавіта тут у адным з дамкоў працуе Тураўская станцыя, самая старая станцыя кальцавання краіны. Кулікі – яе спецыялізацыя. Беларускія і замежныя навукоўцы збіраюць шмат інфармацыі аб пералётных птушках: якія віды, колькі птушак, які поспех размнажэння, якія фактары ўплываюць на выжыванне і міграцыю птушак і як. Штодзённыя і штогадовыя дадзеныя даюць у выніку дынаміку міграцыі. Кольцы расказваюць адкуль прыляцелі птушкі і колькі гадоў пражылі.

🤲 Такіх натуральных паплавоў у Еўропе засталося мала, і іх трэба не толькі ахоўваць, але і чысціць ад хмызняку.

📷 Фота: Павел Пінчук, гаспадар станцыі кальцавання.

#міграцыяптушак #EastAtlanticFlyway #EAF #flyways
😊 Добрыя навіны прылятаюць ад кулікоў, якія гняздуюць на Тураўскім балонні!

Гэты сезон гнездавання аказаўся вельмі паспяховым: у кулікоў з'явілася шмат птушанят. 🐣

Асабліва ў кнігаўкі (чибиса), куліка-случка (травника) і вялікага грыцука (большого веретенника).

💧 Добры поспех гнездавання звязаны з “вялікай вадой” на Палессі сёлета. Доўгае і высокае разводдзе на Прыпяці жыццёва важна для птушак. Астраўкі, якія ўтвараюцца разводдзем, - даволі бяспечнае месца для іх гнездавання, бо наземныя драпежнікі іх тут не дастануць.

У гады з кароткім разводдзем гіне да 90% гнёздаў!
Сёлета частка кладак патанула падчас рэзкага пад'ёму вады ў красавіку, але кулікі  прыстасаваныя да такіх прыродных катастроф і зрабілі паўторныя. У выніку сёлета было страчана не больш за 15% кладак. 🥚❤️  

Раней такія вялікія разводдзі былі рэгулярнымі, амаль штогод, а цяпер бываюць нячаста. Асноўныя прычыны – змены клімату, асушэнне балот і паглыбленне дна Прыпяці.

🐦 А маладыя кулікі ўжо пачынаюць сваю першую ў жыцці міграцыю на месцы зімоўкі. Пазычым птушкам бяспечнага палёту! 🤞❤️

📷 На фота птушаня куліка-случка, аўтар – Іна Субоціна.

#міграцыяптушак #EastAtlanticFlyway #EAF #flyways
Незвычайнае назіранне! У Пінску атрымалі першы доказ гнездавання чырвонагаловых каралькоў у Беларусі.

Лілія Кахновіч сфатаграфавала птушанят-подлеткаў у гарадскім парку. 👏

- Чырвонагаловых каралькоў я ўбачыла ўпершыню ў нашым парку летась у красавіку, - расказала Лілія. - Яны былі разам з жоўтагаловымі, якія ў нас зімуюць, і я падумала, што чырвонагаловыя ў нас пралётам. Я чытаю пра нашых птушак на сайце Мікалая Гуркова “Фаўна Беларусі”, таму ведала, што гэты від у нас можна сустрэць, але што яны тут гняздуюць, не ведала. Убачыўшы зараз подлеткаў, я вельмі здзівілася і ўзрадавалася. Месца, дзе яны пасяліліся, - гэта цэнтр парку, высокая яліна. Парк у нас невялікі, і ціхім яго, на жаль, не назавеш. Але калі пайсці туды зусім рана, калі яшчэ няма людзей, можна паздымаць розных птушак: побач рака, а за ракой “джунглі”.

🐦 Чырвонагаловы каралёк – адна з самых дробных птушак Еўропы. Знешне ён падобны да жоўтагаловага каралька. Гэтыя птушкі гняздуюць у Заходняй Еўропе і на ўсходзе Польшчы нават ля беларускай мяжы. З пачатку ХХІ стагоддзя від пачаў раптам распаўсюджвацца на ўсход. Зараз чырвонагаловых каралькоў можна сустрэць ва ўсіх абласцях Беларусі. Самцы актыўна пяюць у гнездавы сезон, але добра схаванае гняздо каралька знайсці цяжка нават арнітолагам. Гнездаванне гэтага віду ў нас меркавалася, але “жалезных” доказаў дагэтуль не было. Пашанцавала сёлета птушкарцы з Пінска.

- Ведаеце... Мне шмат гадоў, - кажа Лілія. - І зараз мне вельмі шкада, што я раней не захаплялася птушкамі – вось проста не заўважала, як многія людзі. Усё пачалося з берасцянкі ў парку: а хто гэта так гучна спявае? І панеслася… Цяпер я ведаю спевы ўсіх нашых птушак, якіх я сустракала: я спачатку чую, потым бачу.

☝️ Прыглядайся і прыслухоўвайся ўважліва нават да самых дробных птушак у кустах і парках! Хто ведае, якія птушыныя сенсацыі яшчэ адкрыюцца ў Беларусі.

📷 Фота: Лілія Кахновіч, чат "Птушкі з фотастужкі", @ptushkafota.
🐦 Гняздо ў трубе. Як выратаваць птушанят.

Гэтай гісторыяй падзяліўся Андрэй Шэўчык. Вялікія сініцы зрабілі гняздо ў трубе яго плота на глыбіні больш за 1 метр. Птушаняты апынуліся ў пастцы, без шансу выбрацца: труба вертыкальная і гладкая ўнутры – маладым птушкам няма за што зачапіцца лапкамі, а крылы яшчэ слабыя, каб вылезці.

🙁 У такіх выпадках птушаняты гінуць у трубах, а новае гняздо можа быць пабудавана на тым жа самым месцы.

🤲 Але гэтая гісторыя скончылася добра. Андрэй з дапамогай зробленага сваімі рукамі прыстасавання падаставаў усіх птушанят. Уся аперацыя заняла паўдня.

Калі ў тваёй гаспадарцы ёсць полыя слупы-трубы, калі ласка, закрый усе адтуліны так, каб туды не змаглі трапіць птушкі. Тады і птушкі не зробяць гнёзды, дзе не трэба, і трубы не будуць іржавець знутры.

📷 Фота: Андрэй Шэўчык.
🐦 Кожны год бакас (бекас) пралятае тысячы кіламетраў да месцаў зімоўкі ў Заходняй і Паўднёвай Еўропе, Афрыцы, на Блізкім і Сярэднім Усходзе.

Яго чакае небяспека на шляху міграцыі, у тым ліку і ў Беларусі.

Заўтра, 8 ліпеня, у нашай краіне пачынаецца сезон палявання на гэтага маленькага кулічка.

На жаль, з бакасамі часам страляюць і дубальтаў (дупелей).

☝️ Ты толькі ўяві, дубальт далятае да Афрыкі за 2-3 дні без пасадкі! Для такога пералёту яму трэба амаль месяц назапашваць тлушч. Ён наядае 70-80% ад масы цела і потым падчас палёту ўсё спальвае. Каб набраць такую масу, важна, каб яго гэты месяц не турбавалі: яму трэба карміцца, карміцца і карміцца.

Бакаса і дубальта цяжка адрозніць знешне, але лёгка па палёце. Бакас узлятае рэзка, з раптоўным ускрыкам, і палёт у яго зігзагападобны. А дубальт падпускае блізка, і толькі потым узлятае – як правіла, моўчкі. Палёт у яго цяжкі і прамалінейны.

Дубальт уключаны ў нацыянальную Чырвоную кнігу. І “памылкі” пры паляванні не вызваляюць паляўнічага ад адказнасці.

📷 Фота 1: бакас, Cezary Korkosz; фота 2: дубальт, Daniel Rosengren / FZS.

#міграцыяптушак #EastAtlanticFlyway #EAF #flyways
Media is too big
VIEW IN TELEGRAM
Сабралі моманты з вельмі цікавай лекцыі “Тайны деревьев”, якая прайшла ў “Дзікім клубе”. 🦡

Барсук Ясь запрасіў надзвычай крутога лектара – Аркадзя Скуратовіча з @botanyby, аднаго з найлепшых папулярызатараў батанікі ў Беларусі! 🌿

Хочаш паглядзець поўны запіс? Далучайся да клуба: https://birdingbelarus.by/dikiyklub/

Таксама ты атрымаеш доступ на месяц да запісу лекцыі арнітолага Сямёна Левага “Птицы и заблуждения». І магчымасць далучыцца да наступных чатырох лекцый у жывым эфіры!
Даты лекцый выбіраюць клубаўцы.

Гэта не адзіныя прыемнасці, якія дорыць “Дзікі клуб”, больш – па спасылцы вышэй.

🤲 Але што важна, быць у клубе – значыць падтрымліваць ахову дзікай прыроды Беларусі, бо ўвесь прыбытак ідзе менавіта на гэтую мэту. ❤️

Таму – be wild! 🐾
2024/09/24 14:34:18
Back to Top
HTML Embed Code: