Telegram Web Link
"Пара чаравікаў". 1887 г. Вінцэнт Ван Гог.

Адной з вех на шляху да новага творчага бачання, на шляху да "Сланечнікаў" і "Зорнай ночы", стала серыя карцін, якія адлюстроўваюць старыя і патрапаныя чаравікі. Яны сталі адным з самых вядомых вобразаў у творчасці мастака і яркім сымбалам няпростых і доўгіх пошукаў самога сябе.

Пару пацёртых чаравікаў Вінцэнт купіў на Парыжскім блышыным рынку толькі для таго, каб выкарыстаць іх у нацюрморце. Аднак яны здаліся яму недастаткова зношанымі, таму, перш чым прыступіць да працы, Ван Гог надзеў іх і доўга хадзіў пад дажджом. Толькі тады яны сталі вартыя таго, каб іх намаляваць. За час жыцця ў Парыжы ён стварыў адразу некалькі нацюрмортаў з маляўнічай парай абутку.

#жывапіс #ВанГог #нацюрморт #постімпрэсіянізм #vanGogh
"Марскі пехацінец, які вярнуўся дадому". 1945 г. Норман Роквэл.

На карціне намаляваны марпех і, мяркуючы па ўзнагародах на яго форме, сапраўдны герой. На гэта таксама намякаюць трафейны японскі ваенна-марскі сцяг у яго ў руках і газетны артыкул з яго партрэтам, прымацаваны да сцяны на заднім плане. З газетнага загалоўка, "Garageman a Hero", відаць, што ён - чалавек з мірным мінулым (аўтамеханік), а не прафесійны салдат. Сіняя зорка ў чырвонай рамцы на белым фоне, якая бачная побач з газетнай выразкай - амерыканская традыцыя часоў Другой сусветнай. Яна паказвае на тое, што член сям'і служыў у дзеючай арміі і выжыў.

Я люблю Роквэла за тое, што ў яго заўсёды хэпі энд😌

#жывапіс #Роквэл #Rockwell
Амаж (ад фр. hommage - удзячнасць, дань павагі) у мастацтве - праца-перайманне (і жэст павагі) іншаму мастаку. Тут у нас амаж на амаж. Вось яны злева направа...

1. "Балкон". 1868 г. Эдуард Манэ.

2. "Перспектыва "Балкона" Манэ". 1950 г. Рэнэ Магрыт.

3. "Офіснае крэсла для апошняй змены". 2022 г. Дызайнер Chairbox.


#жывапіс #Манэ #Магрыт #Chairbox #Manet #Magritte
"Клас са спячым настаўнікам". 1672 г. Ян Стэн (Стэйн).

Стэн - галандскі жывапісец бытавога жанру Залатога века галандскага жывапісу. Яго творчасць вядома іранічным і, часам, гумарыстычным поглядам на жыццё.

Першай прыступкай галандскай адукацыі былі малыя школы: у іх прымалі дзяцей абодвух палоў з трох гадоў. Школы размяшчаліся ў любых месцах: напрыклад, у вёсцы для навучання дзяцей маглі прыстасаваць закінутую стайню. Далёка не ўсе настаўнікі ў школах умелі чытаць - больш за ўсё ў той час у педагога шанавалася не пісьменнасць, а ўменне сачыць за дысцыплінай. З ёй, як мы бачым, у мясцовых дзетак здараліся вялікія праблемы. Нездарма ў Галандыі існавала прымаўка: Лепш ужо міма кузні прайсці, чым міма школы.

#жывапіс #Стэн #Steen
"Танцоркі ля станка". 1877 г. Эдгар Дэга.

Лейка заўсёды стаяла ў балетных рэпетыцыйных залях: з яе на падлогу пырскалі вадой, каб не падымаўся пыл падчас руху балерын.

Дэга таксама выкарыстаў лейку як жарт, візуальны каламбур: форма лейкі супадае з паставай танцоркі справа.

#жывапіс #Дэга #імпрэсіянізм #балет #Degas
"П'еро і Арлекін". 1888 г. Поль Сэзан.

У твора ёсць іншая французская назва "Mardi-Gras" (Мардзі-Гра) - "Масленіца", дзень карнавала перад пачаткам Вялікага посту. Па традыцыі ў гэты дзень перад гледачамі разгортваецца спектакль "Камедзі дэль артэ" пра канфлікт двух тэмпераментаў, якіх увасабляе два сусветна вядомых героя - меланхалічны і задуменны П'еро і энергічны і жыццярадасны Арлекін. Але, на жаль, няма весялосці ў тварах герояў, напісаных рукой Сэзана, што ўвогуле кажа пра цяжкі лёс артыста - быць марыянеткай, забаўляць іншых.

Мадэлямі для карціны былі 16-гадовы сын мастака Поль (Арлекін) і яго сябар, сын шаўца, Луі Гіём (П'еро), які нават страціў прытомнасць падчас пазіравання - настолькі доўга і моташна было стаяць нерухома. Тыповы Сэзан🤷‍♂️

#жывапіс #Сэзан #імпрэсіянізм #постімпрэсіянізм #Cézanne
Пятніца🍸

"Вясёлы п'яніца". 1630 г. Франс Халс.

На карціне мужчына, апрануты ў скураную куртку, карункавы каўнер і абшэўкі, шыракаполы капялюш, ссунуты набакір. Ён жэстыкулюе правай рукой, а ў левай трымае келіх белага віна. Здаецца, ён захоплены момантам дыскусіі з гледачом.

Хоць карціну часта называюць жанравым творам, яе цяжка класіфікаваць. Вяліся мастацтвазнаўчыя дэбаты аб тым, партрэт гэта ці жанравая сцэна. У старых галандскіх вопісах часта сустракаецца тэма "вясёлага п'яніцы" або "вясёлага алкаголіка", і, верагодна, гэта быў не партрэт, а жанравы твор.

#жывапіс #Халс #партрэт #Hals
Іван Гаўрыс🎨

Жывапісец, графік.

Нарадзіўся ў 1890 г. у вёсцы Кухчыцы Мінскай губерні. Удзельнік Першай сусветнай вайны. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі вучыўся на фізіка - хімічным факультэце Віцебскага настаўніцкага інстытута, у Віцебскай народнай мастацкай школе, Віцебскім мастацка-практычным інстытуце ў Малевіча і Ермалаевай. Скончыў са званнем "майстра выяўленчых мастацтваў па жывапісе і малюнку". Член УНОВИСа. Працаваў у напрамках футурызму, кубізму, супрэматызму. Не быў паслядоўным прыхільнікам ідэй Малевіча.

У 1923-1937 выкладаў у сярэдніх навучальных установах Віцебска. Удзельнічаў у 1-ай (1925) і 2-ой (1927) Усебеларускіх мастацкіх выставах; Усебеларускай выставе карцін, графікі, скульптуры, архітэктуры (1930) у Менску.

У 1937 арыштаваны па абвінавачванні ў нацыяналістычнай дзейнасці. Расстраляны.

Нажаль не атрымалася знайсці больш твораў мастака на абшарах інтэрнэта.

#жывапіс #Гаўрыс #Малевіч #Віцебск #Беларусь
"Манах і манашка". 1591 г. Карнэліс Карнэлісэн.

Здавалася б, калі глядзець на палатно, дык сэнс яго вельмі просты. Служыцель культу мацае грудзі манашкі. На стале перад героямі чаша з віном і садавіна. Што гэта, як не алегорыя амаральнага ладу жыцця тых, хто павінен з'яўляцца прыкладам для простых людзей? Як бы не так!

Сучаснікі мастака бачылі зусім іншы сэнс. Для іх сумніўная сцэна азначала апраўданне несправядліва агаворанай гераіні. Яе абвінавацілі ў пералюбадзеянні і падазравалі нават у цяжарнасці. Каб пераканацца ў гэтым і асудзіць жанчыну, патрабавалася правесці расследаванне. Тады лічылася, што калі націснуць на малочныя залозы будучай маці, адтуль абавязкова пырсне малако. Аднак з грудзей палілося чырвонае віно (у чашы). Такім чынам невінаватасць даказаная.

#жывапіс #Карнэлісэн
"Аўтапартрэт з двума кругамі". 1665-1669 г. Рэмбрант Хармэнс ван Рэйн.

Сэнс кругоў на сцяне ззаду майстра да гэтага часу не высветлены і застаецца прадметам бясконцых спрэчак.

Некаторыя даследчыкі мяркуюць, што кругі сымбалізуюць паўшар'і зямлі на мапе свету.

Некаторыя, што гэта проста нейкі геаметрычны ўзор на сцяне.

Хтосьці, што кругі маюць кабалістычнае значэнне.

Але мая ўлюбёная тэорыя, што кругі сымбалізуюць дасканаласць мастацкага майстэрства, як у гісторыі пра італьянскага майстра Джота, якога выклікаў Папа Рымскі, каб той прадэманстраваў сваё майстэрства, і ў адказ ён намаляваў ідэальны круг адным рухам рукі.

#жывапіс #Рэмбрандт #аўтапартрэт #Rembrandt
"Баржы ў Біянкуры" і "Разгрузка барж". 1877 г.
Альфрэд Сіслэй.


Булонь-Біянкур - зараз прамысловы раён Парыжа, у 2-й пал. XIX ст. быў невялікай прыгараднай вёскай, развіццё якой пачалося з пабудовы ж/д моста праз Сену. У 1877-1879 г. тут часта працаваў на пленэры Сіслэй.

Мачты барж для Сіслэя, як і для Клода Манэ ў яго аржантёйскіх пейзажах, служылі зручнымі вехамі ў пабудове ўсёй пейзажнай канструкцыі. Тут канструкцыя выверана і беспамылкова. Баржа становіцца быццам якарам кампазіцыі, а мачта эфектыўна пазначае яе цэнтр.

У адзін год Сіслэй напісаў з адрозненнямі досыць блізкія варыянты карціны, але пад рознымі назвамі.

#жывапіс #Сіслэй #пейзаж #імпрэсіянізм #Sisley
"Старыя яблыні". 1900 г. Фердынанд Рушчыц.

Наш зямляк з цяперашняй Валожыншчыны. Дачка мастака сцвярджала, што яе бацька заўсёды лічыў сябе "тутэйшым".

Гэтая карціна не вельмі вядомая, але пры гэтым цікавая. Рушчыц засяродзіўся на простым матыве дрэў у садзе.

Мастак змог надаць простаму сюжэту незвычайна магутны эмацыйны зарад. Голыя ствалы яблынь, асветленыя звышнатуральна яркім святлом месяца, пераразаюць карціну, нібы маланкі на начным небе, прыўносячы адчуванне трывогі.

У спальню я б сабе гэтую карціну не вешаў🤔

#жывапіс #Рушчыц #пейзаж #Беларусь
Пра Манэ і Манэ - тут

"Сям'я Манэ ў іх садзе ў Аржанцёі". 1874 г. Эдуард Манэ.


У 1874 г. Эдуард трапіў пад уплыў Клода і яго падыходу да працы на пленэры. Улетку Эдуард спыніўся ў сваім доме, на процілеглым беразе Сены ад Клода. Партрэт сям'і - Каміла, сын Жан і Клод, з'яўляецца адным з самых яскравых прыкладаў працы Эдуарда ў новым стылі.

Пакуль Эдуард пісаў сям'ю Клода, Рэнуар працаваў побач, як і Клод, які маляваў "Манэ перад мальбертам" (карціна страчана). Рэнуар, як і Эдуард, пісаў Камілу, Жана і пеўня.

Клод потым успамінаў падрабязнасці: "Манэ, у захапленні ад колеру і святла, маляваў на пленэры фігуры пад дрэвамі. Падчас сесіі прыехаў Рэнуар... ён папрасіў у мяне палітру, пэндзаль і палатно, і вось ён ужо таксама піша побач з Манэ. Апошні назіраў за ім краем вока... Потым ён скрывіўся, падышоў непрыкметна да мяне, і прашаптаў мне на вуха пра Рэнуара: "У гэтага хлопчыка зусім няма таленту! Так як ты яго сябар, скажы яму, каб ён адмовіўся ад жывапісу!".

#жывапіс #Манэ #імпрэсіянізм #Рэнуар
2024/12/27 10:30:03
Back to Top
HTML Embed Code: