Telegram Web Link
"Партрэт Адэлі Блох-Баўэр I". 1907 г. Густаў Клімт.

Байка-падабайка

Адно з самых значных палотнаў Клімта. На ім жонка аўстрыйскага магната Фердынанда Блох-Баўэра. Уся Вена абмяркоўвала бурны раман Адэлі і мастака. Муж захацеў адпомсціць палюбоўнікам, але абраў вельмі незвычайны спосаб: ён вырашыў замовіць Клімту партрэт жонкі і прымусіць яго зрабіць сотні эскізаў, пакуль мастака не пачне ад яе выварочваць.

Блох-Баўэр хацеў, каб праца доўжылася некалькі гадоў, і натуршчыца магла бачыць, як згасаюць пачуцці мастака. Ён зрабіў Клімту шчодрую фінансавую прапанову, ад якога той не змог адмовіцца.

Усё склалася па сцэнару ашуканага мужа: праца была скончаная за 4 гады, палюбоўнікі астылі адзін да аднаго. Адэль так ніколі і не даведалася, што муж быў у курсе яе адносін з Клімтам.

#жывапіс #Клімт #мадэрн
Сёння другі партрэт Адэлі пэндзля Клімта🎨

"Партрэт Адэлі Блох-Баўэр II". 1912 г. Густаў Клімт.

Другі партрэт Адэлі адносіцца да позняга, дэкаратыўна-экспрэсіянісцкага перыяду творчасці мастака, калі пад уплывам французскіх мастакоў ён канчаткова адышоў ад свайго "залатога стылю". Многія мастацтвазнаўцы прызнаюць гэты партрэт больш значнай з'явай у гісторыі Венскага мадэрна, чым "залаты".

За 5 гадоў паміж напісаннем партрэтаў маладая жанчына амаль не змянілася (чаго не скажаш пра мастацкі стыль Клімта). Здаецца толькі ў поглядзе з'явілася трохі суму.

#жывапіс #Клімт #мадэрн
Які з партрэтаў Вам падабаецца больш?
Anonymous Poll
59%
1907 г.
41%
1912 г.
Аравіда Пісаро (1893-1968)🎨

Брытанская мастачка, унучка Каміля Пісаро, дачка Люсьена Пісаро.

Спачатку яна дыстанцыявалася ад імпрэсіянісцкай манеры дзеда і бацькі, аддаючы перавагу ў якасці крыніц натхнення японскаму, кітайскаму, персіцкаму і індыйскаму мастацтву, але ў апошнія гады жыцця выкарыстоўвала і дзядуліны прыёмы. Яна нават знакамітае прозвішча не любіла выкарыстоўваць, называла сябе проста Аравіда.

Доўгі час яна пісала карціны яечнай тэмперай, але ў гады Другой сусветнай вымушана была перайсці на алейныя фарбы: яек было не дастаць.

Мне ейныя творы моцна нагадваюць Гагена🤔

#жывапіс #Пісаро #імпрэсіянізм #постімпрэсіянізм
"Двайны партрэт з куфлем віна". 1917-1918 г. Марк Шагал.

Закаханая пара на фоне любімага Віцебска, яго дамоў, Успенскага сабора, ратушы, а таксама маста праз Дзвіну, які быў месцам спатканняў Шагала і яго жонкі Бэлы. Незвычайная кампазіцыя карціны перадае стан чароўнага шчасця.

Мастак адлюстраваў сябе седзячы на плячах у жонкі з куфлем у руках. Пры гэтым Бэла нібы не кранае нагамі зямлі і дзве фігуры ўтвараюць бязважкую вертыкаль, накіраваную ўверх. Жанчына абмахваецца веерам, яе белая сукенка мае адкрыты выраз, пальчатка толькі на адной руцэ. На твары мужчыны шчаслівая ўсмешка. Над імі парыць анёл, які сімвалізуе іх дачку Іду. Нягледзячы на ўсе нягоды ваеннага часу, закаханыя застаюцца шчаслівымі.

#жывапіс #Шагал #Віцебск #Беларусь
Вітольд Бялыніцкі-Біруля🎨🖼

Бацька мастака часта хадзіў у плаванне па Дняпры, Прыпяці і Сожу. Хлопчык любіў гэтыя паездкі больш за ўсе іншыя забавы - у іх, як пазней адзначаў ён сам, адкрылася яму прыгажосць роднай прыроды. Тады ж прачнулася ў ім жаданне яе захаваць, каб пакінуць з сабой на даўжэй.

Як жа я яго разумею😌

#жывапіс #БялыніцкіБіруля #пейзаж #Беларусь
"Танцавальны клас". 1871-1874 г. Эдгар Дэга.

Карціна была створана па замове калекцыянера Жана-Батыста Форы. Жывапісец захаваў на палатне канчатак урока і пачатак перапынку. Некаторыя дзяўчаты яшчэ паўтараюць урок пад наглядам настаўніка, іншыя ж глядзяць у акно, а на тварах многіх выяўляецца стомленасць і змардаванасць ад цяжкай працы. У цэнтры стаіць вядомы балетмайстар Жуль Перо, які навучаў маладых балерын ў Парыжскай оперы.

Працуючы над цыкламі карцін звязаных з балетам, Дэга адлюстроўвае на сваіх палотнах не толькі грацыю і прыгажосць балерын, але і іншы бок мастацтва, які схаваны ад вачэй гледача. Жывапісец стварае вобразы вытанчаных дзяўчат у некалькі іншым святле. Менавіта за гэты адваротны бок балета мастака называюць "ачарняльнікам" і песімістам, які ўступіў у канфлікт з афіцыйным жывапісам.

#жывапіс #балет #Дэга #імпрэсіянізм
"Брэтонская вёска ў снезе". 1894 г. Поль Гаген.

Палатно было знойдзена на мальберце ў майстэрні мастака пасля яго смерці. На ім не было ні даты, ні подпісу.

Пацешную гісторыю аб гэтай карціне распавёў пісьменнік Анры Перюшо ў кнізе "Жыццё Гагена". 2 верасня 1903 г. праходзіў распродаж маёмасці і твораў, у асяроддзі якіх памёр Гаген. Урач Віктар Сегалан купіў за 85 франкаў 7 карцін Гагена, сярод іх і "Брэтонскую вёску ў снезе", якую ацэншчык дэманстраваў дагары нагамі, а таму даў ёй нечаканую назву - "Ніагарскі вадаспад".

#жывапіс #Гаген #постімпрэсіянізм
"Гара Сэн-Віктуар". 1902-1904 г. Поль Сэзан.

Карціны Сэзана перанеслі імпрэсіянізм на новую тэрыторыю, прадставіўшы ідэі, якія спрыялі развіццю сучаснага мастацтва. Няхай гэта будзе садавіна, гара або твар жонкі, Сэзан нястомна даследаваў, як колер і святло перадаюць змест і форму. Яго адмысловая тэхніка жывапісу, якая складаецца з паралельных мазкоў пэндзлем, якія ствараюць блокі або квадраты колеру, дазваляла яму выразна фармаваць розныя грані аб'екта або пейзажу. Яго эксперыменты натхнілі маладых мастакоў - сярод іх Анры Маціс і Пабла Пікаса, якія называлі Сэзана "бацькам усіх нас".

#жывапіс #Сэзан #імпрэсіянізм #постімпрэсіянізм
2024/09/30 19:36:11
Back to Top
HTML Embed Code: