Telegram Web Link
This media is not supported in your browser
VIEW IN TELEGRAM
Чаму ў Еўропе загінулі тысячы ластавак?

На мінулым тыдні партнёрам BirdLife у Аўстрыі і Германіі паступіла шмат паведамленняў аб гібелі ластавак. Тысячы ластавак, у асноўным гарадскіх, шукалі месцы, каб схавацца ад дажджу і адпачыць. Галодныя, знясіленыя птушкі чародамі садзіліся на падаконнікі, балконы будынкаў, хаваліся пад дахамі. Мёртвымі птушкамі была ўслана зямля.

Прыродаахоўныя арганізацыі, прытулкі і валанцёры правялі вялікую працу, каб выратаваць частку ластавак, аднак шмат птушак не выжыла.

🌧️ Усё праз тое, што на мінулым тыдні ў Чэхіі, Славакіі, Венгрыі, Румыніі, Паўднёвых Германіі з Польшчай прайшлі працяглыя дажджы, якія прывялі нават да паводак. Па паведамленні нашай падпісчыцы з Чэхіі, арнітолага Святланы Вранавай, у горадзе Пардубіцы вялы дожджык пачаўся вечарам у сераду і ішоў без перапынку 66 гадзін да суботы, потым ішоў з невялікімі перапынкамі, а ў нядзелю 12 гадзін пайшоў моцны дождж. На поўначы краіны на 80% быў затоплены горад Крноў, больш за 10 тыс. чалавек былі эвакуіраваны.

🐦 Ластаўкі – пералётныя птушкі, якія ляцяць на зімоўку ў Афрыку. Яны ядуць выключна насякомых. У іх практычна няма тлушчавых запасаў, так як па дарозе яны амаль заўсёды могуць падхарчавацца. Такая стратэгія. Але праз незвычайна доўгія бесперапынныя дажджы птушкі нават страцілі магчымасць лятаць, так як не маглі знайсці насякомых.

Экстрэмальныя пагодныя ўмовы магчыма паўплывалі на многія віды насякомаедных птушак. Але людзі ўбачылі праблему толькі ў птушак, якія мігруюць чародамі і больш заўважныя.

За апошнія 20 гадоў папуляцыя гарадской ластаўкі ў Аўстрыі скарацілася ўдвая. Скарачаецца і колькасць вясковай ластаўкі. А як паўплывала цяперашняя катастрофа на папуляцыі ластавак, стане вядома на наступны год.

🌊🏚️У рэгіёне не абышлося без маштабных разбурэнняў і чалавечых ахвяр. Рэкі выйшлі з берагоў, вада пазатапляла склепы і першыя паверхі ў гарадах і вёсках, разбурыла дарогі і электрычныя лініі.

Вядома, паводкі былі і раней, але пацяпленне клімату прыводзіць да пачашчэння экстрэмальных пагодных з’яў. А што могуць зрабіць грамадзяне?

Вось некаторыя простыя крокі, якія можа зрабіць кожны з нас у абарону клімату:

🔹Адмовіцца ад аўтамабіля там, дзе гэта магчыма - хадзіць пешшу, ездзіць на веласіпедзе, грамадскім транспарце.
🔹Замест самалёту выбіраць цягнік.
🔹Скараціць колькасць харчовых адходаў.
🔹Есці менш мяса.
🔹Купляць толькі неабходныя рэчы і адзенне.
🔹Не выкідваць, а рамантаваць сапсаваныя ці зламаныя рэчы.
🔹Сартаваць смецце.

Фота ластавак з сайта BirdLife Österreich; відэа з паводкай у Пуркерсдорфе (Аўстрыя) карыстальніка first world news, TikTok.

#зменыклімату
Які раён адзін з самых любімых у сваякоў нашага барсука Яся?

🦡 Там падчас сёлетніх экспедыцый мы праверылі каля 60 месцаў з чырванакніжнікамі ў Карэліцкім раёне – і амаль палова з іх барсучыныя.

Наш спецыяліст Юрый Квач сказаў, што нідзе такой шчыльнасці барсукоў не бачыў.

У раёне шмат яроў, якія акурат любяць барсукі. Яны робяць норы на схілах, і пры гэтым паблізу павінна быць вада.

🦉 Акрамя барсучых гарадкоў, у раёне пераданы пад ахову месцы з вераб’іным сычыкам, шэрым жураўлём, драчом, стронгай і рыбцом, сярод чырванакніжных раслін – з прыгожай і вельмі рэдкай для Беларусі кветкай валжанкай, баранцом звычайным, лілеяй кучаравай і пальчатакарэннікам майскім.

Ландшафт з ярамі цікавы і прыгожы, але ж складаны для абследавання. Тым больш там вельмі густыя зарасці, праз якія цяжка прабірацца, а хадзіць даводзілася і ў спёку.

З ахоўных месцаў амаль усе пацвердзілася. Непацверджаных усяго тры – тры барсучыныя і гняздо вялікага арляца.

🌿 А яшчэ знайшліся новыя месцы з чырванакніжнымі раслінамі – валжанкай і мядзведжай цыбуляй.

Хочаш падтрымаць нашыя #ДзікіяЭкспедыцыі? Выбірай свой спосаб зрабіць гэта па спасылцы! Набывай адзенне і торбы з бусламі, вызначальнік раслін, металічныя значкі, крутыя размалёўкі ад арнітолагаў, бутэлькі і кубкі з птушкамі – сабе ці ў падарунак блізкім.

Увесь прыбытак мы накіроўваем на ахову дзікай прыроды Беларусі. ❤️

📷 На фота Юрыя Квача барсучыныя норы ў Карэліцкім раёне, валжанка.
Дапамажы выбраць расліну 2025 года!

🌱 Грамадскае аб'яднанне “Батанічнае таварыства” праводзіць конкурс “Расліна 2025 года”. Кожны ахвочы можа прапанаваць расліну, якая стане сімвалам наступнага года.

Што трэба зрабіць:

✔️ выберы 1-3 назвы дзікарослых раслін, якія растуць у Беларусі;
✔️ напішы кароткае абгрунтаванне для кожнай расліны, чаму менавіта яна можа стаць сімвалам 2025 года.

Дасылай сваю прапанову да 10 кастрычніка 2024 года зручным табе спосабам:

🔹 праз гугл-форму https://forms.gle/1oQQ4tm1gNqH79359
🔹 на e-mail [email protected]
🔹 Viber, WhatsApp, Telegram па нумары +375293276703

Пяты ўдзельнік, хто дашле сваю прапанову, атрымае спецыяльны прыз ад Батанічнага таварыства. 😉

Конкурс "Расліна года" праводзіцца ўжо другі раз. Сімвалам 2024 года стала казачна прыгожая расліна з Чырвонай кнігі сон-трава, адна з першых кветак, што распускаюцца вясной. Былі праведзены конкурсы дзіцячага малюнка сон-травы і відэаролікаў, а таксама выставы ў школах, прысвечаныя расліне 2024 года.

Калі ведаеш мала дзікіх раслін, пагартай даведнікі, напрыклад, наш атлас-вызначальнік кветкавых раслін Беларусі. Дарэчы, увесь прыбытак ад гэтай кнігі ідзе на ахову прыроды.
2024/09/21 07:55:53
Back to Top
HTML Embed Code: