Telegram Web Link
Толькі паглядзі, якія колеры! 🤩

🐦 Шчурка-пчалаедка выглядае як райская птушка. І гэтую прыгажосць магчыма ўбачыць у Беларусі. Від уключаны ў нацыянальную Чырвоную кнігу.

#дзікіфакт: Шчурка-пчалаедка не дарма носіць свае імя. У яе рацыёне акрамя іншых насякомых ёсць пчолы і восы. Перад тым, як з’есці пчалу ці асу, шчурка-пчалаедка адрывае джала, а потым заглынае здабычу.

У нас можна набыць значок-пін на адзенне з гэтай прыгажуняй, які выглядае вельмі натуралістычна. Прыбытак ад продажу ідзе на ахову дзікай прыроды.

А табе пашанцавала ўбачыць шчурку-пчалаедку?

📷 Дзякуем за фота Віктару Выскварку і Валеру Пясецкаму.
Please open Telegram to view this post
VIEW IN TELEGRAM
Please open Telegram to view this post
VIEW IN TELEGRAM
🐺 Для дзікіх, вольных і хуткіх – тых, хто паспее заказаць да 16 чэрвеня!

Мерч для цікавых падарожжаў
💚 Свежыя весткі са Шчучынскага раёна! Наш спецыяліст Юрый Янкевіч скончыў на гэтым тыдні маніторынгавую экспедыцыю па лясах раёна. Ён правяраў там старыя месцы з чырванакніжнікамі і шукаў новыя для перадачы пад ахову.

Хоць часам дажджыла, працы гэта не перашкодзіла. З шаснаццаці месцаў пражывання і вырастання рэдкіх відаў пацвердзіліся амаль усе. Часам асяроддзе мяняецца, напрыклад, мяняецца тып лесу або ўчасткі зарастаюць мохам або дываном з ландышаў, і рэдкія віды накшталт арнікі горнай знікаюць.

🌿 З новых месцаў, якія знайшоў Юрый, самыя цікавыя – гэта тры лакацыі лішайніка лабарыя лёгачная. Згадкі ў літаратуры пра гэты від у раёне ёсць, але канкрэтных лакацый даўно не было вядома.

– Яшчэ знайшоў мох парэла пласкалістая – хутчэй за ўсё нават новы від для гэтага раёна, – кажа Юрый. – Лішайнік менегацыя прадзіраўленая таксама рэдкі від.

А што па жывёлах? Юрый знайшоў невядомае гняздо малога арляца і пацвердзіў два гнязды чорных буслоў. 🦅

А здзівілі і асабліва парадавалі яго родзічы барсука Яся, што ў нас на лагатыпе. 😊 У Шчучынскім раёне ёсць барсучыны гарадок, на які ахоўны пашпарт быў аформлены яшчэ ў 2008 годзе. І так пашчаслівілася, што гэтае месца пражывання барсукоў за столькі гадоў захавалася. Ахова спрацавала. Цяпер там ужо вялікі гарадок.

👉 Усяго Юрый знайшоў для Шчучынскага больш за 30 новых месцаў з чырванакніжнікамі. І некалькі даволі добрых біятопаў – такіх цэльных участкаў дзікай прыроды, якія вельмі важна захаваць: яны і як біятопы вельмі шыкоўныя, і як месцы пражывання і вырастання для рэдкіх відаў.

Спадабалася, што мы працавалі сумесна з лясгасам і начальнікам інспекцыі Мінпрыроды, – падзяліўся Юра. Яны вельмі дапамагалі і з транспартам, і дзесьці з начлегам, і ў прынцыпе вельмі спагадлівыя былі. Дзякуй ім, што ішлі насустрач. Мы з імі на месцы выязджалі, я ім паказваў гэтыя ахоўныя віды, каб яны разумелі, што і навошта ахоўваць, што шукаць і дзе яно расце.

Гэта нялёгкая, але вельмі патрэбная для аховы прыроды праца. І ты таксама можаш яе падтрымаць. 🤲

🦡 Ты можаш далучыцца да Дзікага клуба, у якім сёлета наперадзе яшчэ шмат цікавага: мы спецыяльна многае прыберагалі, каб больш людзей паспелі далучыцца. Зараз самы час.

🐺 Можаш набыць мерч з ваўком з нашай лімітаванай калекцыі – заказы прымаем да 16 чэрвеня ўключна, паспявай.

🐦 А яшчэ цябе могуць зацікавіць мілыя значкі-піны і птушыныя размалёўкі.

Увесь прыбытак ідзе на ахову прыроды Беларусі. Таму выбірай свой спосаб дапамагчы і парадаваць сябе класным набыткам, які мы рыхтавалі з любоўю і дбайнасцю. ❤️


📷 На фота Юрыя Янкевіча: паўднёватаежныя і падтаежныя шыракалістыя і іглічна-шыракалістыя
лясы, барсучыны гарадок, лабарыя лёгачная, парэла пласкалістая, менегацыя прадзіраўленая.

#ДзікіяЭкспедыцыі
This media is not supported in your browser
VIEW IN TELEGRAM
Навошта яны гэта робяць? 😯

Цікавае відэа зняў наш падпісчык Ягор Іваноў. На ім вялікая коўра (чомга) корміць сваё птушаня… уласнымі пёрамі! Але для чаго?

Цікава, што яшчэ ацтэкі ў 16 стагоддзі лічылі, што коўры ядуць у асноўным свае пёры і часам рыбу.

#дзікіфакт Вялікая коўра час ад часу глытае ўласныя пёры, а таксама корміць імі сваіх птушанят. Коўры ядуць рыбу, у тым ліку калючых акунёў і яршоў, якія патэнцыйна могуць пашкодзіць кішэчнік.

🪶 Такім чынам, коўры пачалі выкарыстоўваць свае пёры як спосаб запаволіць страваванне. Пасля таго, як птушка іх праглынае, пёры трапляюць у страўнік, які складаецца з трох частак – спачатку ў камеру захоўвання, потым у сам страўнік і, нарэшце, у трэцюю частку. Пёры ўтвараюць шчыльныя шары і, здаецца, запавольваюць праходжанне ежы дастаткова доўга, каб ежа магла быць бяспечна разрэджана.

Затым вострыя косткі выплёўваюцца з пёравымі шарыкамі, прыкладна так, як у соў і іншых драпежных птушак. Коўра можа выкінуць да шасці пёравых мячыкаў за вечар.

Ну што за дзіўныя і прыгожыя птушкі гэтыя вялікія коўры! 😍

🎥 Дзякуем за відэа Ягору Іванову.
Ваўчыны мерч – для дзікіх, вольных і хуткіх! Сёння апошні дзень, калі можна заказаць.

Паспей набыць
Дапамажы падлічыць белых буслоў!

2024 – год глабальных улікаў белага бусла ва ўсіх краінах, дзе ён гняздуецца.

У Беларусі нацыянальны перапіс белых буслоў каардынуе НПЦ НАН Беларусі па біярэсурсах. Такія ўлікі праходзяць раз у 10 гадоў. Падчас мінулых улікаў у 2014 годзе ў нас налічылі 22,5 тысячы белых буслоў, гэта каля 8% яго сусветнай папуляцыі.

Рэгулярныя падлікі гняздуючых птушак дапамагаюць адсочваць змены ў іх папуляцыях на лакальным і глабальным узроўнях.

👉 Улікі лепш за ўсё праводзіць у чэрвені-ліпені, калі можна ацаніць, наколькі паспяхова загнездавалася пара буслоў, а таксама па магчымасці падлічыць колькасць буслянят.

Што трэба рабіць?

Спампуй анкету. У ёй табліца для запаўнення, а таксама падрабязная інструкцыя, як праводзіць улікі і запаўняць табліцу.

Дашлі запоўненую анкету арганізатарам любым зручным спосабам:

▪️ поштай па адрасе: “Улікі буслоў”, ДНВА “Навукова-практычны цэнтр НАН Беларусі па біярэсурсах”, вул. Акадэмічная, 27, 220072, г. Мінск

▪️ на e-mail: [email protected] (па гэтаму ж адрасу можна атрымаць і кансультацыю).

Далучайся да перапісу! Падлічым, наколькі змянілася колькасць буслоў за 10 гадоў.

Дзякуем за фота Марыне Дзенясюк.
This media is not supported in your browser
VIEW IN TELEGRAM
Чым заняць дзіця летам, калі ў яго шмат вольнага часу, а ты працуеш? Летнія канікулы – шчаслівы час для дзяцей і галаўны боль для іх бацькоў.

Каб дзіця не сумавала і не прасядзела ўсё лета ў гаджэтах, прапануй яму размалёўкі з птушкамі ад арнітолагаў. Яны проста створаны для творчай і пазнавальнай дзейнасці!

Ці ведаеш ты, напрыклад, якая птушка ладзіць на дрэвах кузню і як гэта выглядае? У размалёўцы ты знойдзеш не толькі гэтую, але і шмат іншых цікавостак.

Прыбытак ад продажу гэтых размалёвак ідзе на ахову прыроды Беларусі. ❤️

🔹У кожнай размалёўцы 11 відаў птушак. Усе малюнкі натуралістычныя і правераныя арнітолагамі.

🔹Размалёўкі на дзвюх мовах – беларускай і рускай.

🔹Пра кожную птушку ёсць цікавы факт, таксама падабраны арнітолагамі.

🔹У кожнай размалёўцы – сакрэт-загадка з падказкай на задняй вокладцы.

У камплект уваходзяць тры розныя размалёўкі:

🐦 Птушкі ля кармушкі
🐦 Хто ўладарыць у небе?
🐦 Хто жыве на вадзе?

Кошт камплекту – 30 рублёў. Сюды ўжо ўключаны кошт паштовай дастаўкі па Беларусі. Для ўдзельнікаў “Дзікага клуба” – зніжка.

Паспей набыць свой камплект размалёвак проста зараз (наклад не вельмі вялікі).
🐞 А ты ведаеш, колькі ў Беларусі баговак?

Больш за 40 відаў! Большасць з іх вельмі карысныя для сада: самі жукі і іх лічынкі кормяцца тлямі, павуціннымі кляшчамі, і шчытоўкамі.

Багоўкі бываюць розных колераў – чырвоныя, жоўтыя, аранжавыя, чорныя.

У нас можна набыць значок-пін на адзенне вось з такой чырвонай прыгажуняй. У самы раз, каб насіць цёплымі летнімі дзянькамі. ☺️

Заказаць можна ў нас на сайце.

А прыбытак ад продажу ідзе на ахову беларускай прыроды. ❤️

📷 Дзякуем за фота Кірылу Танкевічу.
Хто тут у нас з Міншчыны? Для вас добрая навіна!

Яшчэ адна каштоўная прыродная тэрыторыя цяпер павысіць свой ахоўны статус да нацыянальнага ўзроўню. Гэта мясцовы заказнік “Быценьскі” у Пухавіцкім раёне, плошчай каля 2225 га.

💧🌳 Гэты аб’ект мае міжнароднае значэнне: з’яўляецца часткай Смарагдавай сеткі Савета Еўропы. Сам заказнік знаходзіцца каля ракі Пціч. Ён быў створаны, каб захаваць буйны масіў верхавых і пераходных балот з рэдкімі відамі.

Тут багата старых, цяжкадаступных, забалочаных лясоў, якія захаваліся ў малапарушаным стане. Узрост асобных дрэў перавышае 160 гадоў.

На гэтай тэрыторыі выдзелена пяць катэгорый рэдкіх і тыповых біятопаў. Ёсць і чырванакніжныя віды жывёл і раслін: барсук, рысь, чарля-бугай, чорны бусел, журавель, зімародак, баранец звычайны, венерын чаравічак, сіела, фіялка багнавая, аўсяніца высокая, чараўнік зеленакветкавы і іншыя. 🦡🌱

Гэта адна з 17 тэрыторый, у якіх зараз з’явіўся добры шанс на лепшую ахову дзякуючы кампаніі ТАА “Дзікая прырода” і НПЦ НАН Беларусі па біярэсурсах. Пра іншыя каштоўныя тэрыторыі раскажам у наступных допісах.

❤️ Будзем рады, калі ты падтрымаеш добрую справу па ахове прыроды: далучайся да “Дзікага клуба”, набывай нашы размалёўкі з птушкамі ад арнітолагаў, значкі-піны на адзенне з птушкамі і кветкамі.

Выбірай свой спосаб дапамагчы.
Увесь прыбытак мы накіроўваем на ахову дзікай прыроды Беларусі.

Тэрыторыя #9 з 17.

📷 На фота: чапля-бугай, аўтар Сяргей Аднавал; фіялка багнавая, аўтар Юрый Янкевіч. Схема заказніка “Быценьскі”.

#ДзікіяЭкспедыцыі
Дзе ў нас яшчэ гняздуе адна з самых маленькіх птушак Еўропы?

З'явіліся доказы паспяховага гнездавання чырвонагаловага каралька ў Бараўлянах пад Мінскам. Пяць цудоўных подлеткаў сфатаграфавала птушкарка Іна Шкурко. Ёй пашчасціла знайсці нават дзве пары з птушанятамі.

🐦 У мінулым годзе подлеткаў гэтай птушкі сфатаграфавала Лілія Кахновіч у гарадскім парку Пінска. Гэта быў першы доказ паспяховага гнездавання віду ў Беларусі.

У 20 стагоддзі гэты від апошні раз бачылі на тэрыторыі сучаснай Беларусі, але ў тагачаснай Польшчы пад Пінскам у 1938 годзе. З пачатку новага стагоддзя пачалося распаўсюджванне гэтага заходнееўрапейскага віду на ўсход. Птушкі пяюць шмат дзе ў розных абласцях Беларусі. Але з-за ўтойлівага ладу жыцця ў верхнім ярусе лесу даказаць гнездаванне абодвух відаў каралькоў няпроста.

Прыглядайся ўважліва да незнаёмых птушак. Можа і табе пашчасціць убачыць нешта незвычайнае. 🙂

📷 Дзякуем за фота Іне Шкурко.
2024/09/21 21:40:02
Back to Top
HTML Embed Code: