Telegram Web Link
Якія птушкі ўжо вярнуліся ў Беларусь?

🐦🌿 На гэтым тыдні ў Брэсцкім раёне на палях адзначаны вялікія чароды кнігавак (чибисов), палявых жаўрукоў, а ў Тураве - чароды шэрых гусей.

На поўдні краіны міграцыя сёлета пачалася зусім рана - яшчэ з першай паловы студзеня каля Белавежскай пушчы былі адзначаны чароды шэрых журавоў і розных відаў гусей. 

Ужо хутка і іншыя птушкі падцягнуцца! Каго больш за ўсё чакаеш з выраю? ❤️☺️

📷 На фота – палявы жаўрук, аўтар: Neil Smith, CC BY-SA 2.0, Wikimedia Commons.
Якімі былі б нашыя лясы без ваўкоў, рысяў і мядзведзяў?

Буйныя драпежнікі - сапраўдныя захавальнікі цэлых экасістэм. Ім патрэбныя вялізныя некранутыя тэрыторыі. А гэта - дом і для многіх іншых відаў. 🦡🦇🦊🕊️

Толькі ўяві, колькі ўсяго робяць буйныя драпежнікі для захавання дзікай прыроды:

🌿 як “санітары лесу” яны адбракоўваць хворых асобін і стрымліваюць распаўсюджванне інфекцый;

🌿 не даюць папуляцыям капытных размножыцца празмерна, і гэтым дазваляюць захаваць малады падрост, каб лес працягваў аднаўляцца;

🌿 прымушаюць свае ахвяры рухацца і не даюць ім гуртавацца ў адным месцы, выядаючы там усю расліннасць;

🌿 распаўсюджваюць насенне раслін і ўплываюць на ўрадлівасць глебы.

Маштаб працы ўражвае, праўда?

📷 Фота: Elchhaus, CC BY-SA 3.0, Wikimedia Commons.
Беларускія вялікія арляцы пакрысе выпраўляюцца ў дарогу дадому. Чым яны займаліся на зімоўцы?

☺️ Даведаліся цікавую гісторыю пра Ляду – самку-гібрыд вялікага і малога арляцоў (малого и большого подорликов). Мы нядаўна пісалі, што яна адной з першых пачала вясновую міграцыю. Зараз набліжаецца да Уганды.

🌍 А зімуе Ляда кожны год у Замбіі, больш чым за 8500 км ад Сярэдняй Прыпяці, дзе яна гняздуе. Месца яе зімоўкі – кавалачак зямлі плошчай усяго каля трох квадратных кіламетраў.

Чаму Ляда штогод выбірае для зімоўкі менавіта гэтае месца?

Працяг 👇
На гэтым кавалачку Замбіі для аховы дзікай прыроды створаны нацыянальны парк “Касанка”. Сюды на зімоўку прылятаюць больш за 10 мільёнаў (!) пальмавых крыланаў, буйных родзічаў нашых кажаноў. 🦇

Такая велізарная шчыльнасць крыланаў – сапраўдны рэстаран для мноства драпежнікаў. Магчыма, і для нашай Ляды. 😋

Яна прылятае ў Замбію якраз у канцы кастрычніка – у той час, калі пальмавыя крыланы ўжо на месцы. І менавіта ў крыланавы лес яна і лётала кожны дзень на працягу амаль усёй зімоўкі.

У другой палове лютага Ляда рушыла ў зваротны шлях на поўнач. Чакаем дома! ❤️

👀 Сачы за міграцыяй Ляды на анлайн-карце: https://wildlifebelarus.org/eagle.

📷 Фота 1: арлец Ляда, аўтар - Jose Manuel Mendez Garcia; фота 2: пальмавыя крыланы, аўтар - Konrad Bidziński, Wikimedia Commons; 3,4 - фота нацпарку “Касанка”.
😋 Смачна есці, рыжая прыгажуня!

Рацыён вавёркі вельмі разнастайны: насенне хваёвых дрэў, жалуды, арэхі, грыбы. 🌰🐿 Летам вавёрка ласуецца зялёнымі парасткамі дрэў і ляснымі ягадамі. А таксама паядае лічынкі і яйкі мурашоў і іншых казурак. Часам есць нават птушыныя яйкі, птушанят і дробных сысуноў.

🤗 Цікавы факт: шышкі, пагрызеныя вавёркай, лёгка адрозніваюцца ад тых, якія палушчылі крыжадзюбы (клесты) ці дзятлы. Вавёрка абкусвае лускавінкі каля асяродка, і ад шышак застаюцца толькі голыя стрыжні з некалькімі лускавінкамі на канцы (як на трэцім фота).

📷 Фота: Юры Паўлоўскі.

Калі ты таксама хочаш дзяліцца з намі фотаздымкамі, далучайся да чату "Птушкі з фотастужкі" @ptushkafota.
📆 Ужо ў гэтую суботу, 4 сакавіка, - афлайн-лекцыя пра таямнічае жыццё забалочаных тарфянікаў.

Як аднавіць тарфянік, каб вярнуць туды птушак усур'ёз і надоўга?
Як вывучаюць птушак на забалочаных тарфяніках?
Хто з рэдкіх відаў жыве на забалочаных Дакудаўскіх тарфяніках?
Няўлоўныя пастушковыя: як іх знайсці?

На гэтыя і шмат іншых пытанняў адкажа арнітолаг, прафесар Васіль Грычык.

Пачатак лекцыі ў 10:00.
Адрас: Мінск, вул. Курчатава, 10.
Для ўваходу вазьмі з сабой пашпарт.
Лекцыя бясплатная, але рэгістрацыя абавязковая: https://forms.gle/8TF2Y29PjgM3b5sj7.

🤩 Толькі для слухачоў лекцыі – уваход у заалагічны музей БДУ бясплатны!

📷 На фота – пастушок, аўтар Віталь Некрашэвіч.
Сёння – Сусветы дзень дзікай прыроды.💚

Падрыхтавалі 7 дзікіх фактаў пра Беларусь, якія будзем публікаваць цягам дня. Каб не прапусціць, сачы за пастамі па хэштэгу #WorldWildlifeDay.

1️⃣ Палессе – самы вялікі рэгіён Еўропы з амаль некранутымі водна-балотнымі ўгоддзямі. Яго называюць еўрапейскай Амазоніяй. Беларускае Палессе займае амаль траціну плошчы краіны.

2️⃣ У Беларусі былі адкрыты новыя для навукі расліны: казлабарод беларускі і шальнік ранні. Яны сфарміраваліся ва ўнікальных прыродных умовах Палесся, якія мала змяніліся за апошнія тысячагоддзі.

Даведацца больш пра гэтыя і многія іншыя расліны можна на экспазіцыі Інстытута эксперыментальнай батанікі імя Купрэвіча, прысвечанай 100-годдзю беларускага гербарыю.
🤗 Навукоўцы нават гатовыя правесці па ёй экскурсію! Запісвайся ў сакавіку, пакуль у іх не пачаўся палявы сезон: +375296164347.

Адрас: Мінск, вул. Акадэмічная, 27. Час працы 9.00-17.00.

📷 Фота: р. Прыпяць, аўтар І. Мураўёў; казлабарод беларускі, Інстытут эксперыментальнай батанікі імя Купрэвіча.
Працягваем расказваць цікавыя дзікія факты пра Беларусь. 💚 #WorldWildlifeDay 👇
3️⃣ Прыпяцкія дубровы – найбольш захаваныя ў натуральным стане поймавыя лясы ва ўсёй Еўропе. Вясной, калі паводкі, можна літаральна плаваць на лодцы паміж дрэвамі. 💧🛶🌳

Дзякуючы прасторы поймавыя дубы шырокія і разгалістыя, некаторыя – больш за метр у дыяметры ствала. На гэтых дубах шмат ран і дуплаў, у якіх селяцца жывёлы, у тым ліку рэдкія пугач, сіваграк, белая сініца, соня-палчок і розныя віды кажаноў. 🦉🦇

4️⃣ Пад Нясвіжам знаходзіцца самая вялікая калонія рабых суслікаў у Еўропе – і адна з апошніх у Беларусі. Яна ахоўваецца дзяржавай. Яе плошча складае больш за 90 га, тут пражывае больш за 5000 суслікаў! 🐿

5️⃣ У Беларусі гняздуецца другая ў свеце па памерах папуляцыя вялікіх арляцоў (больших подорликов), якім пагражае глабальнае знікненне. Большасць іх родам з Палесся. Зараз пачынаецца іх міграцыя з месцаў зімоўкі. 🦅

👀 Сачыць за іх вяртаннем можна тут: https://wildlifebelarus.org/eagle.

📷 Фота і відэа: рабы суслік, вялікі арлец - архіў ТАА "Дзікая прырода"; Хвоенская дуброва, аўтар – Сяргей зуёнак.
Дзікія факты пра Беларусь у #WorldWildlifeDay (працяг). 💚

6️⃣ У нашай краіне гняздуецца самая вялікая ў свеце папуляцыя вяртлявай чаротаўкі (вертлявой камышовки). Гэта самая рэдкая пеўчая птушка кантынентальнай Еўропы.

Частку птушак перасялілі з рэспубліканскага заказніка “Званец” у літоўскі рэзерват “Жувінтас”, дзе яны амаль зніклі. Гэта быў першы ў свеце паспяховы эксперымент з транслакацыяй вераб’іных птушак – дальніх мігрантаў. 🐦

Палескі заказнік “Званец” - гэта найвялікшае ў Еўропе асаковае балота і найбуйнейшае ў свеце месца гнездаванне вяртлявай чаротаўкі: тут гняздуе 27% глабальнай колькасці віду.

👇👇👇
7️⃣ На палескіх балотах жыве самы рэдкі і самы вялікі кажан Еўропы – гіганцкая вячэрніца. Яна важыць 80 грамаў і можа паляваць нават на дробных птушак! 🦇

Гэты від пераадкрыў для Беларусі ў 2015 годзе заолаг Валер Дамброўскі ў палескім заказніку “Стары Жадзен”, які разам з заказнікам “Альманскія балоты” ўтварае адзін з найвялікшых у Еўропе леса-балотных комплексаў.

Дагэтуль у краіне гэты від назіралі толькі аднойчы ў 1930 годзе. Найбліжэйшыя месцы, дзе размнажаюцца гэтыя кажаны, — Венгрыя на захадзе і Уральскія горы на ўсходзе.

📷 Фота: гіганцкая вячэрніца, аўтар – Аляксандра Ларчанка; вяртлявая чаротаўка, аўтар – Сяргей Зуёнак.
2024/09/26 21:44:25
Back to Top
HTML Embed Code: