Telegram Web Link
"Апошні рэйс карабля "Адважны"". 1839 г. Уільям Тэрнэр.

Карціна вялікага ангельскага марыніста. На палатне адлюстраваны апошні шлях гіганта, судна ўдзельніка Трафальгарскай бітвы, баявога карабля ангельскага флоту "Адважны". Невялікі паравы буксір цягне старое судна ў докі, дзе пасля яно будзе разабрана. Карціна сімвалізуе сыход эпохі паруснага флоту і прыход новых тэхналогій. Мастак выкарыстаў кантраст паміж цёплымі і халоднымі колерамі, каб падкрэсліць розніцу паміж старым і новым.

Карціна была цёпла прынята публікай і крытыкамі, і лічыцца адным з шэдэўраў Тэрнэра.

#жывапіс #Тэрнэр #пейзаж #марына
"Бітва Масленіцы і Посту". 1559 г. Пітэр Брэйгель Старэйшы.

Брэйгель меў цікавасць да народнай тэматыкі. Рэнесанс злучыўся ў творчасці мастака з нацыянальнымі традыцыямі. На карціне свята, якое праводзілася ў сярэднявечных Францыі і Галандыі ў апошні дзень карнавала перад Вялікім постам і якое складалася з жартоўнай бітвы світы Масленіцы і прыхільнікаў Посту.

Тоўсты чалавек, які сядзіць на бочцы з віном, увасабляе Карнавал. У руках у Карнавала знаходзіцца яго зброя - вяртлюг, на які нанізана мяса.

Правей худая фігура Посту, якая сядзіць на крэсле, і якога цягнуць манах і манашка. На галаве ў Паста пчаліны вулей - знак умеранасці і вернасці царкве.

Мастак накіраваў сваю ўвагу на чалавечы натоўп, дынамічны і жывы. Тут няма нічога нерухомага. Скурпулёзны этнограф Брэйгель старанна пералічвае ўсіх дзеючых асоб, дэталёва прапісвае ўсё, чым жылі яго сучаснікі, складае мазаіку з фрагментаў рэчаіснасці, уласных жывых уражанняў і піша энцыклапедыю гарадскога жыцця.

#жывапіс #Брэйгель #Адраджэнне
"Купідон скардзіцца Венеры". Каля 1526 г. Лукас Кранах Старэйшы.

На карціне маленькі крылаты Купідон, які пакутуе ад укусаў пчол пасля таго, як скраў мёд з вулля, і яго маці Венера, якая не суцяшае яго, а нагадвае яму пра тое, што ён таксама прычыняе боль людзям сваімі стрэламі. Сюжэт заснаваны на вершы грэцкага паэта Феакрыта "Мядовы злодзей".

На карціне прысутнічаюць і элементы сучаснасці Кранаха: Венера носіць капялюш і ўпрыгажэнні, якія былі моднымі ў Саксоніі ў XVI ст., а на фоне бачныя нямецкі замак і рачны краявід.

Карціна - алегорыя на блізкасць задавальнення і болю, а таксама на небяспеку сэксуальных пошукаў.

Карацей:
- Ну ма-а-ам!
- Не мамкай!

#жывапіс #Кранах #Адараджэнне #Рэнесанс
"Нацюрморт з палявымі кветкамі і ружамі". 1887 г. Вінцэнт Ван Гог.

Карціна здавалася спецыялістам непадобнай на іншыя работы Ван Гога. Мастацтвазнаўцам здавалася, што палатно занадта вялікае, стыль напісання, выбар фарбаў і кампазіцыя - усё было не падобна на Ван Гога. Подпіс "Vincent" таксама знаходзілі спрэчным.

Рэнтген выявіў пад нацюрмортам іншую карціну - двух барцоў, аголеных па пояс. Высветлілася, што пра карціну Ван Гог пісаў брату: "На гэтым тыдні я намаляваў вялікую рэч з двума аголенымі торсамі - двума барцамі[...]. І мне вельмі падабаецца".

Вялікае палатно было стандартным фарматам для карцін у Акадэміі мастацтваў Антвэрпэна, куды мастак паступіў. Нацюрморт Ван Гог напісаў ужо ў Парыжы, куды прыехаў да свайго брата, і таму нічога яму пра яго не пісаў. А каб "перакрыць" старую выяву мастак выкарыстаў тую самую пышнасць колераў, стыль, выбар фарбаў і кампазіцыю, якія так бянтэжылі экспертаў.

#жывапіс #ВанГог #постімпрэсіянізм #нацюрморт
Please open Telegram to view this post
VIEW IN TELEGRAM
"Абацтва ў дуброве". 1809-1810 г. Каспар Давід Фрыдрых.

Гэта адзін з самых вядомых і містычных твораў рамантызму.

Вачам патрэбны час, каб прывыкнуць да змяркання на карціне. Не адразу разумееш, што на палатне сапраўды ёсць фігуры. Чарада манахаў у расах утварае пахавальную працэсію з труной.

Тое, што калісьці было вялікім абацтвам, цяпер уяўляе сабой толькі руіны з высокім стральчатым вакном. Малаверагодна, што гэта быў рэальны пейзаж. Фрыдрых часта пісаў свае карціны, злучаючы некалькі эскізаў з розных месцаў у адну выяву. Карціна заснавана на выглядзе руін абацтва Эльдэна ў Германіі - будынка, які з'яўляўся і ў іншых карцінах майстра. Абацтва моцна пацярпела падчас Трыццацігадовай вайны. Месца, здаецца, мела для Фрыдрыха сентыментальную каштоўнасць.

#жывапіс #Фрыдрых #рамантызм
Панядзелак - дзень цяжкі. Таму вось вам коцік🐈

"Фламандскія прыказкі" (фрагмент). 1559 г. Пітэр Брэйгель Старэйшы.

Прымаўка "Вешаць званочак на ката" азначае здзяйсняць небяспечны і неразумны ўчынак.

Коцік маркоціцца😉

#жывапіс #Брэйгель #Адраджэнне #кот
Ядзвіга Раздзялоўская🎨

Польска-беларуская мастачка. Нарадзілася ў Бяле Падляскай. У дзяцінстве і юнацтве жыла ў Замасці, скончыла мясцовую гімназію. Навучалася ў Прамыслова-мастацкай школе ў Любліне, скончыла Варшаўскую мастацкую школу.

У часы 2-й сусветнай вайны жыла на радзіме мужа ў Баранавічах. Працавала ў баранавіцкім фотаатэлье рэтушоркай, адначасова займалася жывапісам. Брала ўдзел у выставах падчас нямецкай акупацыі ў Баранавічах і Менску, удзельнічала ў працы баранавіцкай мастацкай суполкі "Маладая Беларусь". За гэта пасля вайны саслана ў Казахстан.

Пасля вяртання ў Беларусь жыла ў Маладзечне. Выкладала ў студыі выяўленчага мастацтва. Прымала ўдзел у выставах. Член Беларускага саюза мастакоў.

#жывапіс #Раздзялоўская #Беларусь #Маладзечна
"Луўр, зімовае сонца, раніца". 1901 г. Каміль Пісаро.

У маладосці Пісаро сцвярджаў, што лепшы спосаб прасунуць французскае мастацтва - гэта спаліць Луўр дашчэнту, тым самым знішчыўшы ўплыў мастацтва мінулага. Напрыканцы жыцця яго погляды памякчэлі, і ён стварыў серыю відаў Луўра пры розным асвятленні і пагодных умовах. На дадзеным палатне адлюстравана мяккае сонечнае святло зімовага Парыжскага ранку.

#жывапіс #Пісаро #імпрэсіянізм #пейзаж #Луўр
"Святы Ян Хрысціцель". 1513 г. Леанарда Да Вінчы.

На момант смерці ў 1519 г. Да Вінчы валодаў толькі трыма сваімі працамі. І ўсе тры карціны - "Мадонна з Немаўляці і Святой Ганнай", "Джаконда" і дадзеная праца - мастак ніяк не мог скончыць. Леанарда пастаянна дапрацоўваў іх, наносячы ўсё новыя і новыя тонкія пласты фарбы, дадаючы дэталі і даводзячы да абсалютнай дасканаласці эфект сфума́та (італ. sfumato - затуманены, невыразны, расплывісты, ад лац. fumus - дым, туман).

Дадзеную карціну, якую прынята лічыць апошняй працай Да Вінчы, мастацтвазнаўцы прызнаюць вяршыняй майстэрства мастака ў гэтай тэхніцы.

Карціна, акрамя іншага, уяўляе сабой яшчэ і ўзор дзіўнай гульні святла і цені. Яна Хрысціцеля быццам бы ахінае цемра, якая падступае з усіх бакоў. Пры гэтым сама фігура святога, здаецца, напоўнена унутраным ззяннем.

#жывапіс #ДаВінчы #Адраджэнне #Рэнесанс
2024/09/29 11:18:50
Back to Top
HTML Embed Code: