Telegram Web Link
Эган Шыле🎨

Аўстрыйскі жывапісец і графік, адзін з самых яскравых прадстаўнікоў аўстрыйскага экспрэсіянізму. Жывапіс і графіка Шыле, адзначаная нервовымі каляровымі кантрастамі, гнуткім малюнкам і драматычным эратызмам, уяўляе сумесь мадэрна і экспрэсіянізму. Знаходзячыся пад моцным уплывам псіхааналізу Зігмунда Фрэйда, Шыле ў сваёй творчасці даваў волю сваім комплексам і сумненням. Мастацкая кар'ера была кароткай, але плённай і многія працы насілі адкрыта сэксуальны характар, што паслужыла прычынай турэмнага зняволення за «стварэнне амаральных малюнкаў».

Дзякуючы свайму "нервоваму" стылю Шыле лічыцца адным з найважнейшых прадстаўнікоў экспрэсіянізму, хоць фармальна ніколі не належаў да гэтага руху. Эган Шыле памёр ва ўзросце 28-мі гадоў ад грыпу, у момант, калі яго творчасць атрымала прызнанне.

#жывапіс #Шыле #экспрэсіянізм
"Начное кафэ". 1888 г. Вінцэнт Ван Гог.

Ноч у прывакзальным кафэ Арля - спроба мастака перадаць свае ўражанні пра месца і людзей. Мастак часта наведваў гэта кафэ і стварыў некалькі партрэтаў (уладальнікаў, пастаянных наведвальнікаў і г.д.). Для Ван Гога гэта кафэ - месца крушэння надзей, а наведвальнікі спрабуюць хутчэй уцячы ад рэальнасці.

Кафэ вельмі сціплае, адзінай забавай для гасцей стаў стары і пацёрты більярд. Гадзіннік - неабходнасць у прывакзальных установах - паказвае за поўнач. Нешматлікія наведвальнікі занятыя сваімі справамі. Хтосьці ўжо заснуў за столікам, парачка ў дальнім куце вядзе размову, мужчына ў цэнтры звернуты да гледача. Ён разгублена глядзіць ці то на мастака, ці то на гледачоў карціны.

#жывапіс #ВанГог #постімпрэсіянізм
"Калхун". 1955 г. Бабуля Мозэс.

Ганна Мэры Мозэс маляваць любіла з дзяцінства, але жыццё жонкі фермера не пакідала занадта шмат часу для творчасці. І толькі ў 70 гадоў, калі артрыт зрабіў немагчымым занятак вышываннем, яна ўзялася за пэндзаль. І стала легендай прымітывізму. Прэса ахрысціла яе Бабуляй Мозэс.

Яе стыль - наіўнае мастацтва. Асноўная тэма работ - сельскае жыццё і бытавыя сцэны. Сама Мозэс аддавала перавагу пазітыўным сюжэтам: "Які сэнс маляваць нешта, калі гэта нешта непрыемнае?".

"Калхун", верагодна, адлюстроўвае акругу Калхун ў Заходняй Вірджыніі, дзе сям'я Мозэс жыла на мяжы XIX-XX ст. Лініі дарог і дрэў цягнуцца ўверх, а мяккая жоўта-зялёная гама стварае светлы і радасны, ледзь настальгічны настрой.

#жывапіс #БабуляМозэс #прымітывізм
"Від на пяскі Схевенінгена". 1641 г. Хендрык ван Антонісэн.

Калі б вы наведалі музей Фіцуільяма ў Англіі ў перыяд паміж 1873 і 2014 г. і вырашылі паглядзець на гэту карціну, то не ўбачылі б на ёй вялізнага выкінутага на бераг кіта (або кашалота).

А ўсё таму, што прайшло 140 гадоў, перш чым заўважылі, што на карціне група людзей стоўпілася на беразе і глядзіць у пустэчу. Калі пры рэстаўрацыі пейзажу знялі з карціны тоўсты пласт пацямнелага лаку, то ўбачылі выяву выкінутага на бераг кіта, і таямніца дзіўнай групы людзей, якая чамусьці сабралася на пляжы, была разгаданая.

#жывапіс #Антонісэн #пейзаж
Вельмі восеньскі пост🍂

"Нацюрморт са сланечнікамі на крэсле". 1901 г. Поль Гаген.

Сланечнікі прыцягвалі імпрэсіяністаў і постімпрэсіяністаў. Яркія, сонечныя кветкі на сваіх палотнах пакінулі Клод Манэ, Ван Гог. Сланечнікі ў жыцці Гагена таксама адыгралі не апошнюю ролю.

Карціны са сланечнікамі ствараў Ван Гог спецыяльна, каб упрыгожыць пакой свайго сябра Гагена. Два таленавітых мастака, Гаген і Ван Гог, марылі, што створаць новую камуну свабодных мастакоў, якая стане прытулкам для маладых талентаў. Але сяброўства не склалася.

У канцы жыцця сланечнікі зноў з'явіліся ў жыцці Гагена. Але гэта не яркія радасныя кветкі, хутчэй наадварот - тырчаць у розныя бакі рэдкія пялёсткі на апушчаных галоўках, якія робяць ўражанне бясконцай стомленасці і патрапанасці. Як алегорыя душэўнага стану мастака, канец жыцця якога быў асабліва цяжкім і беспрасветным.

#жывапіс #Гаген #ВанГог #постімпрэсіянізм
Андрэй Задорын🎨

Нарадзіўся ў Бярозаўцы, Беларусь, у 1960 г. Скончыў Беларускі Інстытут мастацтваў і аспірантуру ў Акадэміі мастацтваў СССР у Мінску ў 1990 г.

Калі казаць пра Задорына каротка, то яго жыццё ў чымсьці падобнае да лёсу Марка Шагала, які з'ехаў у Парыж, але працягваў жыць успамінамі пра родны Віцебск. Нешта падобнае робіць у Нідэрландах і Задорын. Старанна піша сваё беларускае дзяцінства, рэканструюе, узнаўляе, прасоўваючыся не ў шырыню, а ў глыбіню.

Работы мастака выстаўляюцца па ўсім свеце.

#жывапіс #Задорын #Беларусь
Першы панядзелак восені🍂😢

"Апошнія астры". 1912 г. Станіслаў Жукоўскі.

Жукоўскі наш зямляк. Пейзажыст. Нярэдка ствараў карціны з інтэр'ерамі дваранскіх сядзіб. Усе без выключэння палотны мастака напісаны з натуры. Працуючы хутка і натхнёна, ён імкнуўся ўлавіць і перадаць гледачу драбнюткія дэталі жывога, зменлівага свету, напоўненага рамантыкай, паэзіяй і прыгажосцю.

У працах Жукоўскага шмат святла і паветра. Ён аддаваў перавагу яркім, насычаным фарбам і выкарыстоўваў імпрэсіянісцкія прыёмы, каб зрабіць свае палотны больш лірычнымі, але не любіў, калі яго карціны параўноўвалі з працамі французскіх жывапісцаў.

#жывапіс #Жукоўскі #імпрэсіянізм #Беларусь
"Прысяжныя". 1959 г. Норман Роквэл.

Роквэл - знакаміты амерыканскі ілюстратар, кожная карціна якога можа расказаць цэлую гісторыю. На гэтым палатне мастак адлюстраваў прысяжных засядацеляў, якія спрабуюць прыйсці да аднагалоснага рашэння.

Цыгарэтны дым, змятыя паперкі і невыноснае напружанне запоўнілі пакой прысяжных, у якой 12 чалавек (11, калі прыгледзецца) вырашаюць вельмі важнае пытанне. Рашэнне даецца цяжка, бо ад яго залежыць лёс абвінавачанага ў злачынстве.

Сюжэт карціны быў навеяны Роквэлу юрыдычнай драмай "12 разгневаных мужчын", якая выйшла ў 1957 г. Фільм распавядае пра прысяжных, 11 з якіх былі гатовыя вынесці абвінаваўчы вердыкт падлетку, падазраванаму ў забойстве свайго бацькі. І толькі адзін з удзельнікаў савета - "Нумар 8" - не пагадзіўся з рашэннем большасці і пераканаў астатніх апраўдаць хлопца.

#жывапіс #Роквэл #кіно
"Адзін у свеце". 1848 г. Джозэф Стэвенс.

Мастак распавядае пра трагічны лёс маладога музыканта. Яго адубелы труп распасцёрты на халодным снезе. Хутчэй за ўсё, смерць была гвалтоўнай, і рабаўнікі забралі тую дробязь, што яму ўдалося зарабіць гульнёй на катрынцы. Недалёка ад яго ляжыць разбіты інструмент, адкінуты ў бок пакамячаны капялюш, малпачка, спадарожніца і ўдзельніца выступленняў, таксама мёртвая.

Толькі верны сабака, які суправаджаў гаспадара ў падарожжах па гарадах, застаўся жывы. Цяпер ён адзін, і невядома, ці доўга будзе доўжыцца ягоны век ў гэтым жорсткім свеце.

Карціна пранізвае болем да глыбіні душы.

#жывапіс #Стэвенс #анімалізм
Зноў Манэ і Манэ😁🎨

"Лодка-майстэрня Манэ". 1874 г. Эдуард Манэ.

Менавіта Манэ (той, што Клод😁) пераканаў сваіх сяброў пакінуць майстэрні і не дакранацца да пэндзля, не маючы "матыву" перад вачыма. Маленькая лодка, прыстасаваная пад майстэрню, дазваляла мастаку вывучаць асаблівасці і зменлівасць рачнога пейзажу. Эдуард Манэ, які аднойчы прыехаў наведаць сябра, пераканаўся ў слушнасці метаду маладога чалавека і аддаў яму даніну, напісаўшы партрэт Клода за працай на адкрытым паветры як раз у той самай лодцы-майстэрні.

#жывапіс #Манэ #імпрэсіянізм
"Бітва пад Воршай". Прыкладна 1520 - 1534 г. Аўтар невядомы.

Карціна, выстаўленая сёння ў Нацыянальным музеі ў Варшаве, адлюстроўвае бітву, якая адбылася 8 верасня 1514 г. паміж войскам Маскоўскага княства і саюзным войскам Каралеўства Польскага і ВКЛ. Карціна вядомая з др. пал. XIX ст., калі яна апынулася ў музеі ў Брэслаў. Шматлікія дэталі карціны, напісанай, верагодна, відавочцам ці нават удзельнікам бітвы, уяўляюць вялікую цікавасць для гісторыкаў.

Мастак ужыў складаную структуру, адначасова прадставіўшы побач некалькі разнесеных па часе падзей. Ключавыя моманты бітвы і галоўныя героі паказаны па некалькі разоў, у розных месцах дошкі без умоўных падзелаў. Агульная перспектыва прадстаўлена рухам справа налева, часткамі зверху ўніз. Кампазіцыю можна падзяліць на 3 часткі: 1) пераправа польска-літоўскага войска праз раку Крапіўну; 2) бітва; 3) паражэнне маскоўскага войска і пераслед уцекачоў. Кожная частка складаецца з асобных сцэн.

#жывапіс #Ворша #Беларусь
Бітва_пад_Воршай_Прыкладна_1520_1534_г_Аўтар_невядомы_.jpg
14.1 MB
Памеры карціны 165 на 260 см, таму вось вам вялікі фармат.
2024/09/30 09:32:18
Back to Top
HTML Embed Code: