Telegram Web Link
Іван Гаўрыс🎨

Жывапісец, графік.

Нарадзіўся ў 1890 г. у вёсцы Кухчыцы Мінскай губерні. Удзельнік Першай сусветнай вайны. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі вучыўся на фізіка - хімічным факультэце Віцебскага настаўніцкага інстытута, у Віцебскай народнай мастацкай школе, Віцебскім мастацка-практычным інстытуце ў Малевіча і Ермалаевай. Скончыў са званнем "майстра выяўленчых мастацтваў па жывапісе і малюнку". Член УНОВИСа. Працаваў у напрамках футурызму, кубізму, супрэматызму. Не быў паслядоўным прыхільнікам ідэй Малевіча.

У 1923-1937 выкладаў у сярэдніх навучальных установах Віцебска. Удзельнічаў у 1-ай (1925) і 2-ой (1927) Усебеларускіх мастацкіх выставах; Усебеларускай выставе карцін, графікі, скульптуры, архітэктуры (1930) у Менску.

У 1937 арыштаваны па абвінавачванні ў нацыяналістычнай дзейнасці. Расстраляны.

Нажаль не атрымалася знайсці больш твораў мастака на абшарах інтэрнэта.

#жывапіс #Гаўрыс #Малевіч #Віцебск #Беларусь
"Манах і манашка". 1591 г. Карнэліс Карнэлісэн.

Здавалася б, калі глядзець на палатно, дык сэнс яго вельмі просты. Служыцель культу мацае грудзі манашкі. На стале перад героямі чаша з віном і садавіна. Што гэта, як не алегорыя амаральнага ладу жыцця тых, хто павінен з'яўляцца прыкладам для простых людзей? Як бы не так!

Сучаснікі мастака бачылі зусім іншы сэнс. Для іх сумніўная сцэна азначала апраўданне несправядліва агаворанай гераіні. Яе абвінавацілі ў пералюбадзеянні і падазравалі нават у цяжарнасці. Каб пераканацца ў гэтым і асудзіць жанчыну, патрабавалася правесці расследаванне. Тады лічылася, што калі націснуць на малочныя залозы будучай маці, адтуль абавязкова пырсне малако. Аднак з грудзей палілося чырвонае віно (у чашы). Такім чынам невінаватасць даказаная.

#жывапіс #Карнэлісэн
"Аўтапартрэт з двума кругамі". 1665-1669 г. Рэмбрант Хармэнс ван Рэйн.

Сэнс кругоў на сцяне ззаду майстра да гэтага часу не высветлены і застаецца прадметам бясконцых спрэчак.

Некаторыя даследчыкі мяркуюць, што кругі сымбалізуюць паўшар'і зямлі на мапе свету.

Некаторыя, што гэта проста нейкі геаметрычны ўзор на сцяне.

Хтосьці, што кругі маюць кабалістычнае значэнне.

Але мая ўлюбёная тэорыя, што кругі сымбалізуюць дасканаласць мастацкага майстэрства, як у гісторыі пра італьянскага майстра Джота, якога выклікаў Папа Рымскі, каб той прадэманстраваў сваё майстэрства, і ў адказ ён намаляваў ідэальны круг адным рухам рукі.

#жывапіс #Рэмбрандт #аўтапартрэт #Rembrandt
"Баржы ў Біянкуры" і "Разгрузка барж". 1877 г.
Альфрэд Сіслэй.


Булонь-Біянкур - зараз прамысловы раён Парыжа, у 2-й пал. XIX ст. быў невялікай прыгараднай вёскай, развіццё якой пачалося з пабудовы ж/д моста праз Сену. У 1877-1879 г. тут часта працаваў на пленэры Сіслэй.

Мачты барж для Сіслэя, як і для Клода Манэ ў яго аржантёйскіх пейзажах, служылі зручнымі вехамі ў пабудове ўсёй пейзажнай канструкцыі. Тут канструкцыя выверана і беспамылкова. Баржа становіцца быццам якарам кампазіцыі, а мачта эфектыўна пазначае яе цэнтр.

У адзін год Сіслэй напісаў з адрозненнямі досыць блізкія варыянты карціны, але пад рознымі назвамі.

#жывапіс #Сіслэй #пейзаж #імпрэсіянізм #Sisley
"Старыя яблыні". 1900 г. Фердынанд Рушчыц.

Наш зямляк з цяперашняй Валожыншчыны. Дачка мастака сцвярджала, што яе бацька заўсёды лічыў сябе "тутэйшым".

Гэтая карціна не вельмі вядомая, але пры гэтым цікавая. Рушчыц засяродзіўся на простым матыве дрэў у садзе.

Мастак змог надаць простаму сюжэту незвычайна магутны эмацыйны зарад. Голыя ствалы яблынь, асветленыя звышнатуральна яркім святлом месяца, пераразаюць карціну, нібы маланкі на начным небе, прыўносячы адчуванне трывогі.

У спальню я б сабе гэтую карціну не вешаў🤔

#жывапіс #Рушчыц #пейзаж #Беларусь
Пра Манэ і Манэ - тут

"Сям'я Манэ ў іх садзе ў Аржанцёі". 1874 г. Эдуард Манэ.


У 1874 г. Эдуард трапіў пад уплыў Клода і яго падыходу да працы на пленэры. Улетку Эдуард спыніўся ў сваім доме, на процілеглым беразе Сены ад Клода. Партрэт сям'і - Каміла, сын Жан і Клод, з'яўляецца адным з самых яскравых прыкладаў працы Эдуарда ў новым стылі.

Пакуль Эдуард пісаў сям'ю Клода, Рэнуар працаваў побач, як і Клод, які маляваў "Манэ перад мальбертам" (карціна страчана). Рэнуар, як і Эдуард, пісаў Камілу, Жана і пеўня.

Клод потым успамінаў падрабязнасці: "Манэ, у захапленні ад колеру і святла, маляваў на пленэры фігуры пад дрэвамі. Падчас сесіі прыехаў Рэнуар... ён папрасіў у мяне палітру, пэндзаль і палатно, і вось ён ужо таксама піша побач з Манэ. Апошні назіраў за ім краем вока... Потым ён скрывіўся, падышоў непрыкметна да мяне, і прашаптаў мне на вуха пра Рэнуара: "У гэтага хлопчыка зусім няма таленту! Так як ты яго сябар, скажы яму, каб ён адмовіўся ад жывапісу!".

#жывапіс #Манэ #імпрэсіянізм #Рэнуар
Далу Чжао🎨

Нарадзіўся ў Пекіне. Працаваў падчас Культурнай рэвалюцыі. Прафесар выяўленчых мастацтваў. Член Кітайскай Асацыяцыі Мастакоў. Лаўрэат першай нацыянальнай прэміі Кітая за адну са сваіх карцін алеем. Эміграваў у Аўстралію. Творы мастака карыстаюцца вялікай папулярнасцю на сусветным мастацкім рынку.

Прыгожыя і самабытныя выявы кітаянак у стылі НЮ - улюбёны матыў творчасці мастака.

#жывапіс #Чжао #ню #Zhao
2024/12/26 03:43:47
Back to Top
HTML Embed Code: